Вялікдзень у Чавусах
Уваскрэсенне Хрыста з памерлых, дараванне людзям надзеі на вечнае жыццё, перамога над смерцю – гэта наібольшая таямніца хрысціянскай веры.
Аб тым, як святкуюць гэтую значную падзею веруючыя нашага раёна, размова з пробашчам парафіі п.т. НПМ–Маці касцёла ў Чавусах ксёндзам Гжэгожам Ксёнжэкам.
– Айцец Гжэгож, многіх людзей цікавіць, чаму Пасха адзначаецца праваслаўнымі і католікамі ў розны час, а ў некаторыя гады прыходзіцца на адзін дзень?
– Вялікдзень належыць да так званых рухомых святаў, якія кожны год прыпадаюць на іншы тэрмін. Гэтая дата разлічваецца праваслаўнай царквой па юліянскім календары, каталіцкай – па грыгарыянскім. У залежнасці ад месяцовага календара прыпадае на перыяд ад канца сакавіка да пачатку мая. Пад час Нікейскага сабору ў 325 годзе айцы царквы варашылі, што Вялікдзень будзе заўсёды святкавацца ў першую нядзелю пасля першай вясенняй поўні Месяца, калі ж яна прыпадае на нядзелю, то Вялікдзень святкуецца ў наступную. Вось гэтым і тлумачыцца несупадзенне часу адзначэння свята.
– Чаму Пасха – самая галоўная ўрачыстасць для хрысціяніна?
– Вялікдзень – гэта ўспамін пра мукі і паўстанне з памерлых Збаўцы. Хрысціянская вера абапіраецца на Ўваскрэсенне Хрыста, якое з’яўляецца довадам здзейсненага збаўлення. Трыумф Пана над смерцю – гэта таямніца, якая надае сэнс хрысціянскай веры.
– Якое значэнне Касцёл надае Вялікаму посту?
– У падрыхтоўцы вернікаў да галоўнай падзеі чалавечай гісторыі – светлага Хрыстова Ўваскрэсення поставанню надаецца вельмі важнае значэнне. Пост – гэта не толькі ўстрыманне плоці, але і час асаблівай малітвы, міласціны і пакаяння. Ён усталяваны Касцёлам на ўспамін сарака дзён, праведзеных Хрыстом у посце і малітве ў пустыні. Гэтым подзвігам Збаўца явіў для ўсіх людзей няўхільную праўду пра тое, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4). Галоўная ўзнагарода посту – гэта адчуванне ўнутранай гармоніі, ачышчэнне ад граху. Акрамя таго ў велі-кодны перыяд веруючыя павінны прыняць Камунію. Сам Хрыстос навучаў: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто спажывае Маё цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 53-54).
– Айцец Гжэгож, які парадак святкавання Пасхі?
– Святкаванне пачынаецца за тыдзень да Вялікдня. Пяпярэднічае ўсяму Пальмавая альбо Вербная нядзеля, якой распачынаецца ўрачыстасць Вялікага тыдня. Ён завяршаецца Пасхальным Трыдуумам, у які ўваходзяць Вялікі чацвер, Вялікая пятніца і Пасхальная вігілія ў святую ноч.
Найважнейшай літургіяй усяго года лічыцца святая імша Пасхальнай вігіліі, якая распачынаецца ў Вялікую суботу вечарам пасля заходу сонца. Падчас Літургіі святла на пачатку святой імшы Пасхальнай вігіліі запальваецца агонь, які благаслаўляецца святаром і ад яго ў сваю чаргу запальваецца пасхал – вялікая свечка, якая сімвалізуе з мертвых паўсталага Хрыста. Ад пасхалу вернікі запальваюць свае свечы, спяваецца экзультэт, старажытны гімн, у якім праслаўляецца перамога ўваскрэслага Хрыста, асвячаецца вада. Рэзурэкцыйная працэсія адбываецца пасля Вігіліі альбо паводле мясцовай традыцыі раніцай у нядзелю перад першай Святой імшой. Пасля Святой імшы і ў суботу, і ў нядзелю асвячаецца пасхальная ежа.
У кожнай сям’і раніцай у Вялікую суботу рыхтуюцца стравы для асвячэння. Хлеб сімвалізуе “хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў”, соль, як ачышчэнне, сутнасць існавання праўды, вяндліны, каўбасы на ўспамін пасхальнага баранка, фарбаванае яйка – сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрэслы Збаўца. Усё гэта пасля асвячэння ў час службы трапляе на святочны стол, за якім збіраецца сям’я, каб сустрэць разам Пасху.
З даўніх часоў мы падчас найвялікшага свята Вялікдня падаём адзін аднаму фарбаваныя яйкі, як сімвал вечнасці жыцця і крыжовых пакут Хрыста дзеля нашага ўратавання і кажам пранікнёныя словы:”Хрыстос Уваскрэс! – Сапраўды Ўваскрэс!”
Святкаваць Вялікдзень – гэта значыць усім сэрцам дзякаваць Богу, ус-хваляючы і ўслаўляючы подзвіг перамогі Любові і Святла.
Наталля ШКРЭДАВА