У гонар Дня беларускай мовы чавускія школьнікі сустрэліся з паэтам Міколай Салаўцовым
Дзень роднай мовы вучні сярэдняй школы №1 Чавус адзначылі сустрэчай з паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міколам Салаўцовым. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай паэта на падрыхтаванай з нагоды сустрэчы выставе.
Загадчык дзіцячай бібліятэкі Таццяна Філіпенка напачатку мерапрыемства расказала прысутным аб жыццёвым шляху нашага выдатнага паэта і яго творчых здабытках. Дзеці з захапленнем і пачуццём прачыталі вершы Мікалая Іванавіча, прысвечаныя родная зямлі і роднай мове. Паэт быў расчулены дзіцячай непасрэднасцю і ухваліў юных чытачоў за выдатнае валоданне роднай мовай, падзякаваў іх настаўнікам. Яшчэ ён прапанаваў знаёміцца з яго творчасцю на сайце “Наш беларускі форум” і ў чавускай раённай газеце “Іскра”.
Мікола Салаўцоў, звяртаючыся да вучняў, адзначыў мілагучнасць і выразнасць роднай мовы, на якой напісаны амаль усе вершы паэта, і заклікаў спрабаваць самім складаць паэтычныя радкі.
Мікалай Іванавіч прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.
Я крэшу словы
Іду я дарогаю новай
Пад звон дзевяностых гадоў
І крэшу агністыя словы
З крыніц паэтычных майстроў…
Купала – жыцця майго сэрца,
А Колас – вачэй маіх зрок –
Нясу іхні факел бясмерця,
Па іх замяраю свой крок…
У сне мы сядзім і ўздыхаем
На стыку сучасных гадоў,
З Купалам – вайну праклінаем,
А з Коласам – новых паноў…
Сядзім, разважаем без жаху
Аб нашых зняможаных днях,
Аб продках, аб мове, аб сцягу–
Аб іхніх бібульных шляхах…