Гурт “Незабудкі” з Галавенчыц Чавускага раёна адзначыў 60-годдзе

Вы ведаеце, як спраўляць вяселле па-галавенчыцку? Не, не па-сучаснаму, з запісам у сельсавеце, святкаваннем у кафэ, аўтамабілямі ды феерверкамі. А так, як нашы продкі заключалі шлюб у старадаўнія часы: у пачатку мінулага і пазамінулым стагоддзях. Даведацца аб гэтым і пачуць сапраўдныя абрадавыя песні, якімі суправаджаўся кожны этап вясковага вяселля, ды адпаведныя прыказкі, прымаўкі, прыкметы, жарты і паўдзельнічаць у традыцыйных танцах можна, наведаўшыся  да ўдзельніц мясцовага фальклорнага гурта “Незабудкі” у вёску Галавенчыцы.

У наступным 2017 годзе гэты творчы калектыў будзе адзначаць сваё 60-годдзе. У далёкім 1957-м  загадчыца мясцовага клуба Еўдакія Мазалева сабрала ў гурт 12 маладых дзяўчат, якіх вабіла народная творчасць. Большасць удзельніц мелі не толькі выдатныя вакальныя здольнасці, але і багаж ведаў па традыцыйных мясцовых звычаях ды абрадах, вуснай, песеннай і танцавальнай спадчыне. Мясцовы фальклор  займаў і займае зараз галоўнае месца ў рэпертуары “Незабудак”. Дарэчы, і назва гурта мае шмат значэнняў. Гэта не толькі прыгожая і сціплая кветка нашых мясцін, але і імкненне захаваць, “не забыць” тое каштоўнае, што стваралі нашы продкі, і данесці свае веды і мастацтва да сучасных пакаленняў беларусаў.
Наступныя кіраўнікі гурта:  Тамара Міхайлаўна Шабека і Надзея Данілаўна Казлова, якая адпрацавала на гэтай пасадзе 36 гадоў,  працягвалі творчую дзейнасць менавіта ў накірунку захавання і папулярызацыі мясцовай культурнай традыцыі.
За час свайго існавання фальклорны гурт “Незабудкі” прымаў удзел у шматлікіх культурных мерапрыемствах, якія праводзіліся ў роднай вёсцы, раённым цэнтры. Дастойна прадстаўляў гэты калектыў чавускую зямлю на шматлікіх фестывалях і конкурсах абласнога, міжрэгіянальнага, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Дыпломы, Падзякі, Ганаровыя граматы, атрыманыя калектывам і яго ўдзельніцамі за творчую дзейнасць, нават цяжка пералічыць.
Непаўторная па зместу і дасканалая па мастацкіх характарыстыках лакальная культура Галавенчыц, увасобленая ў творчасці “Незабудак”, неаднаразова прыцягвала да сябе ўвагу навукоўцаў-мастацтва-знаўцаў і этнографаў. Так, у выніку шматлікіх фальклорна-этнаграфічных экспедыцый у гэтую вёску былі назапашаны матэрыялы, якія ўвайшлі ў многія выданні, у тым ліку працы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук  Беларусі і Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры.
У сваіх уражаннях удзельнікі чарговай міжведамаснай фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі 2006 года лічаць, што “аўтэнтычны гурт вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна з’яўляецца адным з лепшых гуртоў у краіне па параметрах захавання мясцовага стылю, манеры выканання, унікальнасці рэпертуару каляндарна-абрадавых, сямейна-абрадавых і пазаабрадавых песень”. На думку спецыялістаў, у харавых спевах гурта добры строй,  у выканаўцаў прыгожыя галасы, а ў выступленнях калектыву адчуваецца непаўторная энергетыка. У танцах і карагодах, што выконваюцца ўдзельні-цамі “Незабудак”,  спалучаецца дынаміка і пластычнасць рухаў з ўнутранай стрыманасцю.
Зусім нядаўна, летам 2014 года, у Галавенчыцы прыязджалі прадстаўнікі Студэнцкага этна-графічнага таварыства з Мінска. Маладыя людзі правялі ў вёсцы  цэлы тыдзень, запісваючы песні, танцавальныя найгрышы, замовы, расповяды пра абрады. Вельмі добра, што традыцыі аўтэнтычнай творчасці цікавяць моладзь. Пераймальнікаў і ўсіх, хто цікавіцца фальклорам,       удзельніцы гурта сустракаюць добразычліва і гасцінна, з вялікай цярплівасцю па некалькі гадзін распавядаюць пра мясцовую культурную традыцыю, паказваюць канцэртныя праграмы, нават даюць майстар-класы па танцах ды абрадах.
Унікальнасць жывога народнага мастацтва, якую ўвасабляюць “Незабудкі”, знайшла адлюстраванне ў кінафільме  “У святыя вечары на Каляды”, які быў зняты ў 1996 годзе на кінастудыі “Беларусьфільм” па сцэнарыі старшага навуковага супрацоўніка Беларускага Дзяржаўнага інстытута  праблем культуры Міхаіла Козенка. Пазаабрадавым спевам з рэпертуара калектыва прасвечана кінастужка “Жорсткі раманс”, знятая “Белвідэацэнтрам” у 2008 годзе (аўтар сцэнарыя Таццяна Кухаронак). Удзельніцы гурта ашчадна захоўваюць відэакасеты з запісам гэтых стужак, падараваных ім аўтарамі, а яшчэ ў “Незабудак” ёсць шмат фота-здымкаў з самых розных конкурсаў, фестываляў ды святаў, у якіх ім даводзілася ўдзельнічаць. І пра кожнае мерапрыемства яны могуць расказаць шмат цікавага: ад таго моманту, як адбіраліся спевы для выканання і канцэртныя касцюмы (дарэчы, да свайго знешняга выгляду ў час выступленняў артысткі падыходзяць вельмі сур’ёзна) да рэакцыі гледачоў, удзельнікаў і арганізатараў на іх праграму.
27 верасня 2007 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь фальклорнаму гурту Галавечыцкага клуба народнай творчасці “Незабудкі” прысвоена найменне “Народны аматарскі калектыў”, якое было пацверджана ў 2013 годзе. Згодна з рашэннем калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама ў сувязі з за-крыццем установы культуры ў Галавенчыцах, калектыў зараз адносіцца да культурна-спартыўнага цэнтра аграгарадка Вусце, загадчык якога Людміла Кавалёва з 2012 года з’яўляецца кіраўніком гурта.
У 2009 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “мясцоваму стылю песеннай, танцавальнай і народна-апавядальнай лакальнай традыцыі міжрэчча Сожа і Проні вёскі Галавенчыцы нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці”.
Час няўмольны, і з колішняй колькасці гурта “Незабудкі” засталося чатыры ўдзельніцы. Доўгі час узначальвала калектыў, а зараз зараджае энэргіяй і аптымізмам сваіх таварак Надзея    Данілаўна Казлова. Яна спявае з маленства, большую частку народных песень ведае ад сваёй маці, якая мела прыгожы голас, пела ў Галавенчыцкай царкве на клірасе. Наогул, сярод родных Надзеі Данілаўны шмат “спяваючых”. Ад старэйшых жыхароў вёскі захавалася вялікая колькасць казак, былічак, аповядаў, якія па-майстэрску расказвае Надзея Данілаўна. Яшчэ яна – выдатная майстрыха, валодае тэхнікай прадзення, ткацтва, вышыўкі працягам і крыжам.
Валянціна Іосіфаўна Копелева сама родам з Галавенчыц. Пасля вайны ад вялікай сям’і засталіся толькі яна ды яе маці. Жылі ўдваіх. Зімовымі вечарамі за працай жанчына спявала працяглыя песні пра цяжкую долю, якія запомніліся дачцэ на ўсё жыццё. Пасля заканчэння 10-годкі Валянціна засталася ў роднай вёсцы, працавала ў паляводчай брыгадзе, а затым на ферме, якой загадвала 11 гадоў. З мужам, які працаваў у калгасе механізатарам, жывуць вось ужо 56 гадоў, выгадавалі трох дзяцей,  ёсць унукі і праўнукі. З 1960 года Валянціна Іосіфаўна спявае ў “Незабудках”.
“Калі вечарамі старэйшыя жыхары нашай вёскі збіраліся на “пасядзелкі”, можна было пачуць шмат цікавага пра мінулае, паслухаць песні, паглядзець, як танчаць. Мы, дзеці, заўсёды круціліся побач з дарослымі і шмат чаго запомнілі”, – расказвае яшчэ адна ўдзельніца “Незабудак” Людміла Сцяпанаўна Каханоўская. Ад яе маці песню пачуць можна было толькі зрэдку, а дачка спявала добра ды звонка. Працавала на калгаснай ферме. Калі ўтвараўся гурт, Людміла Сцяпанаўна адразу ўлілася ў калектыў, прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах ды святах, асабліва запомнілася ёй падарожжа ў Літву. У Вільнюсе на фестывалі “Пакроўскія званы” у 2009 годзе выступленні спявачак з Галавенчыц былі сустрэты вельмі цёпла. Узгадваецца, як цікавая і паспяховая, і паездка ў Падольск.
Валянціну Лявонцьеўну Філіпчэнка навучыла спяваць народныя песні старэйшая сястра Вольга. Сама жанчына родам з суседніх Капанёў, а ў Галавенчыцы пераехала пасля замужжа, уладкавалася на працу даяркай. Яе прыгожы голас заўважылі і запрасілі ў гурт “Незабудкі”, у якім Валянціна Лявонцьеўна спявае вось ужо 55 год.
У кожнай удзельніцы гурта свая роля, але гучанне іх галасоў разам утварае непаўторную гармонію, у гэтым мы ўпэўніліся, калі пачулі ў выкананні “Незабудак” іх любімую песню “А сонейка за лясок…”. Каб захаваць мясцовую традыцыю і пераняць манеру выканання гурта, метадыст па традыцыйнай культуры раённага цэнтра культуры і вольнага часу Алеся Далецкая і культарганізатар гэтай установы Ларыса Хацятоўская ўдзельнічаюць у рэпетыцыях, канцэртных праграмах “Незабудак”, асвойваюць песенны рэпертуар ды традыцыйныя абрады ад удзельніц калектыву. А гэта азначае, што жыццё народнай песні будзе працягвацца ў творчасці новых пакаленняў.
Наталля ШКРЭДАВА

Последние новости

Актуальные новости

«Марафон единства». В производственном цехе ОАО «Могилевтрансмаш» состоялся концерт «Разам працуем, разам спяваем!»

22 ноября 2024
Читать новость
Общество

Работников ОАО “Мирный Агро” поздравили с профессиональным праздником

22 ноября 2024
Читать новость
Культура

Условия стали лучше. Рассказываем, что сделано в рамках ремонта Детской школы искусств Чаус

22 ноября 2024
Читать новость
Общество

Поднять зябь на площади 13,5 тысячи гектаров. Такая задача стоит перед чаусскими аграриями

22 ноября 2024
Читать новость
Слайдер

Гран-при I степени, медаль-логотип и «золото» пополнили копилку уже имеющихся наград производственного участка Чаусского райпо

22 ноября 2024
Читать новость
Тема недели

Информационный суверенитет, геополитика и “перамены”. Что Лукашенко решил обсудить со студентами-гуманитариями

22 ноября 2024
Читать новость

Рекомендуем